КІНТА́ЛЬСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, 2-я Цымервальдская канферэнцыя 1916,

міжнародная канферэнцыя ўдзельнікаў сацыяліст. аб’яднання, створанага на Цымервальдскай канферэнцыі 1915. Адбывалася 24—30.4.1916 у 1-ю сусв. вайну ў Швейцарыі ў г. Берн (першае пасяджэнне) і ў пас. Кінталь (адсюль назва). Прысутнічалі 43 дэлегаты з Аўстрыі, Германіі, Італіі, Нарвегіі, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Францыі і Швейцарыі.

Парадак дня: барацьба за заканчэнне вайны, стаўленне пралетарыяту да пытанняў міру, агітацыя і прапаганда, адносіны да склікання Міжнар. сацыяліст. бюро. Асн. спрэчкі вяліся паміж Цымервальдскай левай (12 чал., у т. л. рас. бальшавікі на чале з У.І.Леніным) і правацэнтрысцкім крылом канферэнцыі [Р.Грым (Швейцарыя), А.Гофман (Германія) і інш.] па пытаннях аб адносінах пралетарыяту да міру і вайны і скліканні Міжнар. сацыяліст. бюро. Канферэнцыя прыняла антываен. маніфест і інш. дакументы, якія ўключалі заклік да ўсеаг. інтэрнац. барацьбы супраць вайны і за сацыялізм.

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)